» 130- ) 2012
П.І. Маляўка ТЭМА ДРУЖБЫ НАРОДАЎ У ТВОРЧАСЦІ ЯНКІ КУПАЛЫ Ў КАНТЭКСЦЕ ЧАСУ А быў да дружбы шлях нялёгкі. Янка Купала Янка Купала! Два словы, простыя беларускія словы, а як глыбока западаюць у сэрца пранікнёныя паэтычныя радкі таленавітага песняра, якія праўдзіва апяваюць жыццё народнае, яго гераічнае змаганне за шчасце і волю, за права «людзьмі звацца». Янка Купала! Гэта блізкія і дарагія словы не толькі для нас, беларусаў, але і для ўсіх народаў, за чыё вызваленне ад самадзяржаўнага прыгнечання яшчэ на пачатку XX стагоддзя так горача і шчыра змагаўся праўдзівым мастацкім словам паэт-барацьбіт. Міжвольна на памяць прыходзяць палымяныя радкі з верша «Там», у якім паэт заклікае беларускі народ да яднання з рускім і іншымі прыгнечанымі народамі царскай Расіі ў змаганні за лепшую долю: До спаць! Паўстаньце грамадою І йдіце ім там памагаць, Паўстаньце крэнасцю такою, Каб вораг вас не змог зламаць. Паўстаньце, покуль цар звыродны Крыві ўсяёй не выссаў з вас! Паўстаньце! Край ваш стогне родны, Заве збаўляць, як зваў не раз [1, с.59]. У інтэрнацыянальным адзінстве і салідарнасці паэт бачыць адзіны шлях да сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення ўсіх зняволеных народаў, у тым ліку і беларускага. Купала моцна верыць у шчаслівы дзень новай вольнай Беларусі, прароча ўяўляе будучыню свайго народа ў брацкім саюзе з усімі славянскімі народамі. Аб гэтым вельмі выразна прамаўляецца паэтам у вершы «Ворагам Беларушчыны»: Эх, кіньце крыўдамі карміцца, - Кожны народ сам сабе пан; 139
140 І беларус можа змясціцца Ў сям і нялічанай славян? [1, с.83]. І ў часы чарнасоценнай рэакцыі, калі ўся палітыка царызму была скіравана на раз яднанне людзей розных нацыянальнасцей, на распальванне варожасці між імі са «славутавядомым» лозунгам «разделяй да властвуй», беларускі народ імкнуўся да дружбы з суседнімі народамі, нават думкі не дапускаючы аб прыніжэнні аднымі адных. Прадчуваючы змены да чаканага і жаданага, Купала з аптымістычнай настраёвасцю заклікае Родную Старонку: Падымайся з нізін, сакаліна сям я Над крыжамі бацькоў, над нягодамі; Занімай, Беларусь маладая мая, Свой пачэсны пасад між народамі![1, с.178]. Неаднойчы зазначалася, што асаблівая любоў звязвала Купалу з Украінай, яе народам, гісторыяй, культурай. Ёсць шмат агульнага ў творчасці Янкі Купалы і Тараса Шаўчэнкі. Нават сёння цяжка знайсці паэтаў, творчасць якіх была б так моцна спалучана з народам, як гэтыя два вялікія песняры Беларусі і Украіны. Не толькі іх імёны і прозвішчы ведае кожны ўкраінец і беларус, але і нялёгкія жыццёвыя сцяжыны і непамерныя мукі творчасці абодвух адклаліся ў нашай памяці таксама. Шмат твораў прысвяціў беларускі паэт гераічнаму ўкраінскаму народу. Сярод іх паэма «Бандароўна», напісаная па матывах украінскага фальклору. У гераічным вобразе прыгожай, сумленнай, адважнай дзяўчыны, якая выбрала смерць, чым страту сваёй чалавечай годнасці, бачыцца ўвесь украінскі народ у змаганні за свабоду і незалежнасць у эпоху прыгоннай рэчаіснасці. Не памылімся, калі скажам, што праз усё сваё жыццё Янка Купала пранёс у сваім сэрцы любоў да ўкраінскага народа і яго Вялікага Кабзара. У вершы «Памяці Шаўчэнкі», таксама напісаным на пачатку ХХ стагоддзя, Янка Купала падкрэслівае агульнароднае значэнне творчасці «слаўнага Украінца»: Дух збудзіў свайму народу Сваім гучным словам, Навучыў любіць свабоду, Родны край і мову [1, с.116].
Як жа сугучныя гэтыя радкі з днём сённяшнім, асабліва з тым, што дзеецца на Украіне на нашых вачах. Але вернемся да зместу верша, учытаемся і заўважым, што Тарас Шаўчэнка стаўся для беларускага паэта ўзорам служэння працоўнаму люду: Плывучы ўдаль, твая песня, Гасцінцам не вузкім, Знайшла водгалас пачэсне Ў сэрцы беларускім [1, с.116]. Выступаючы на шаўчэнкаўскім юбілеі, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння вялікага ўкраінскага кабзара. Янка Купала гаварыў: «Нам, беларусам, асабліва блізкае і дарагое гэтае неўміручае імя. Доля нашага народа была цесна звязана за доляй Украіны, таксама як і з доляй вялікага братняга нам рускага народа. Таксама, як і ўкраінскі народ, стагнаў наш народ пад ярмом польскіх паноў і царызму. Таксама пакутаваў наш народ на сваёй зямлі, як пакутавалі і іншыя прыгнечаныя царызмам народы. Калі ж у душы беларуса нараджалася вялікая вера ў будучыню, тады ён, як клятву, дадзеную на магілах бацькоў, паўтараў: Пахавайце ды ўставайце, Ланцугі парвіце, І варожай злой крывёю Волю акрапіце! [2, с. 301-302] З братняй і шчырай любоўю малюе Купала жыццё ўкраінскага песняра ў паэме «Тарасава доля», якая была надрукавана ў 1939 годзе. Вялікага Кабзара паэт паказвае на фоне жыцця ўкраінскага народа. Аднак у творы Купала не прамінуўся сказаць аб аднолькавым гістарычным лёсе нашых народаў: Бо йшла доля беларуса З доляй украінца Аднолькова у поце, у слёзах, Церневым гасцінцам [1, с. 448]. Узяўшы пад увагу час напісання твора, уважліва прааналізаваўшы яго змест і асабліва атмасферу тагачаснай рэчаіснасці, нам варта зазначыць, што сур ёзнаму і ўдумліваму чытачу шмат што (на першы погляд незаўважна як бы?) пакідаецца паэтам між радкамі, у падтэксце і амаль адкрыта 141
142 ў першай і заключнай частках паэмы. Варта толькі ўчытацца ў кожны радок і кожнае слова «Тарасавай долі», не забываючыся на фізічны і псіхалагічны стан Янкі Купалы пасля «няўдалай» спробы самагубства. Чамусьці ў чатырохтомным зборы «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў аналізе паэзіі 30-х гадоў гэты твор нават не згадваецца. А да месца было б не толькі згадаць, але і назваць рэчы сваімі імёнамі, назваць праўдзіва для будучых пакаленняў нашага народа. Незаўважным застаўся і артыкул В.Рагойшы «Несмяротная душа» ў якасці змястоўнай прадмовы ў «кнізе не зусім звычайнай» «Янка Купала. Жыве Беларусь», якая ўбачыла свет у 1993 годзе. Менавіта ў вышэй пазначаным артыкуле прачытваецца наступнае : «Чалавек, які пабываў на «тым свеце», ужо некалькі па-новаму глядзіць на гэты свет. Па-новаму, відаць, пачаў адчуваць каштоўнасці жыцця і Янка Купала. Але галоўнае, што яго засцерагло ад паўторнага самагубства, вымусіла падпісаць пакаяльны і асуджальны «Адкрыты ліст», было, думаецца, жаданне ў новых абставінах, а таму і па-новаму паслужыць беларускай нацыі. Янка Купала, несумненна, зразумеў, што ў тых абставінах ні пра якую самастойную Беларусь, няхай сабе нават савецкую (як і пра самастойную Украіну, Грузію, Казахстан і іншыя. заўвага П.М.) і мовы быць не магло. Ва ўмовах палітычнага генацыду, што пачаўся са знішчэння розуму нацыі інтэлігенцыі, перш за ўсё творчай і навуковай, на пярэдні план выступіла праблема захавання нацыі» [1, с.17-18]. Якую Купалу патрэбна было мець і фізічную моц і палітычную смеласць, каб у разгар сталінскіх рэпрэсій, амаль татальнага знішчэння мільёнаў грамадзян розных народаў і народнасцей учарашняга Саюза, аддаць на суд чытачу, нам сённяшнім, такі твор. Наколькі далёка ў гісторыю братніх народаў ён глядзеў, калі паклікаў у сведкі і суддзі ўкраінскага кабзара Тараса Шаўчэнку. Паклікаў, каб у яго прысутнасці сказаць пра крывавыя часы сталіншчыны, сказаць так, як толькі аднаму яму было наканавана Богам: Бо згіналі аднолькава Змалку да сканання Шыі ў ёрмах і чакалі
Яснага світання. Як жылося, як вялося, Як марнелі сілы, Таму сведкай там і тутка Курганы, магілы [1, с. 443]. Сказаць і заступіцца за мільёны «бедных і загнаных», з якімі «мучыўся ўраўне» і быў у «адных закут з імі кайданах». Сказаць, хай і праз падтэкст, але не паставіць крыж на дружбе народаў, на іх марах і памкненнях, на шчырых сяброўскіх стасунках з перадавымі дзеячамі, з сумленнем і бязмежным духам гэтых народаў, і ў першую чаргу, з прадстаўнікамі ад літаратуры і культуры. У дачыненні да сказанага прывядзем словы Максіма Рыльскага, таленавітага ўкраінскага пісьменніка, які ў артыкуле «Янка Купала» пазначыў: «Купала горача любіў свой край з адвечнымі барамі, з яго ціхімі палямі, з яго цудоўным і таленавітым пявучым народам. Аднак толькі невукі або ворагі могуць гаварыць пра нейкую нацыянальную абмежаванасць паэта. Ён выхоўваўся на вялікай рускай літаратуры, яшчэ ў маладосці захапляўся ён Пушкіным, Лермантавым, Горкім, з якім пазней быў у сяброўскіх адносінах без перабальшання скажу, што Украіна для Янкі Купалы была нібы другой бацькаўшчынай» [3, с. 78]. Ад ўсяго сэрца славіў паэт непарушнае братэрства славянскіх народаў: беларускага, украінскага, рускага. Тэма дружбы гучыць у вершах «Сонечнаму Шата Руставелі», «Мы людзі свабодныя» і іншых, прысвечаных грузінскаму народу і напісанных Купалам на гасціннай зямлі, народ якой заўсёды вылучаўся свабодалюбствам духу (пра што выразна сведчыць наш час.- заўвага нашая), гуманнасцю і добразычлівасцю: Народ гераічны, скрозь горы, даліны Стагоддзямі з сэрцам радзімай краіны Да нашага часу, да нашае славы Данёс Руставелевы думы і справы. Стагоддзі мінулі, йсці будуць стагоддзі, А ў гордым, свабодным грузінскім народзе Як быў Руставелі, так вечна жыць будзе [2, с. 320]. Мы людзі свабодныя, 143
144 Вольныя птахі, Магутныя, грозныя Крылляў размахі [2, с. 323]. У вершаваных радках беларускага песняра выказана шчырасць, любоў, павага і сімпатыя да гераічнага, свабодалюбівага грузінскага народа, добразычлівае стаўленне да яго нацыянальнай культуры і традыцый. Вядомы грузінскі паэт і бібліограф А. Шанідзе, якому давялося сустракацца з Купалам, у сваіх успамінах занатаваў: «з любоўю і павагай ставіўся беларускі паэт да братняга грузінскага народа, да яго старажытнай культуры, цудоўнай прыроды. У Тбілісі, падышоўшы да цэнтральнай часткі склепа Ільі Чаўчавадзе і ўбачыўшы пастаць грузінкі-маці з лаўровай галінкай у руках, ён (Купала) зняў капялюш, пастаяў нейкі час моўчкі, а потым сказаў: «Вось сімвал вечнай скрухі. Слава вам, сэрца і розум грузінскага народа!» [4, с.109]. Са шчырай удзячнасцю і любоўю ставіўся Янка Купала да Джамбула Джабаева і Сулеймана Стальскага, народных паэтаў Казахстана і Дагестана. У сваім паэтычным звароце беларускі паэт прачула пісаў: Джамбулу я песню сягоння пяю, Пад сэрца і душу настроіў сваю, - Ляці мая песня, ляці і спявай, Суседа акына, як след прывітай Джамбуле, баяне, магутны твой сказ Аб дружбе народаў пеяў ты не раз Казах, беларус пяюць песні адны Радзімы адной арляняты-сыны [2, с.337]. У гэтых паэтычных радках-звароце да акына казахскага народа Купала яшчэ раз пераканаўча даводзіць, што вялікая адлегласць паміж Беларуссю і Казахстанам не перашкода для дружбы народаў(што мы маем сёння заўвага нашая), знітаваных адзінствам мэт, імкненнем душ і сэрцаў. Памяці дагестанскага ашуга Сулеймана Стальскага, з якім беларускага песняра звязвала вялікая дружба, Купала прысвяціў цудоўны па глыбіні пачуццяў і настрою верш, у пранікнёных радках якога шмат агульнага на жыццёвых шляхах як двух народных паэтаў, так і іх народаў:
Былі твае песні, ашуг Дагестана, А ў этых песнях гоман зямлі нашай чуўся. І рэха ляцела дарогаю слаўнай Ажно з-пад Эльбруса і да Беларусі [2, с. 211]. «У квітнеючым чароўным садзе, дзе сабраны водар зямлі беларускай» (Якуб Колас), паэзіі Янкі Купалы заўсёды знаходзіліся цёплыя, шчырыя словы да братніх народаў і іх духоўных павадыроў, такія паэтычныя радкі, якія і ў нашыя дні кранаюць глыбінёй пачуццяў, добразычлівасцю і сардэчнасцю. А з якою жывасцю і настраёвасцю ўспрымаюцца намі сёння словы беларускага паэта, сказаныя ім падчас дваццацігадовага юбілею творчай дзейнасці: «азіраючыся на свой пройдзены шлях, я пераканаўся, што беларускія людзі добрыя людзі, бо нават песні іхнія не крыўдзілі нікога і ніколі [2, с.602] Характэрна, што тэма дружбы народаў вырашаецца Купалам у творах розных жанраў. Тут і паэтычны зварот да (учарашніх) рэспублік-сястёр у вершах «Украіна», «Грузія», і пейзажная замалёўка «Сосны», і лірычная мініяцюра-успамін «Генацвале», і прысвячэнні «Памяці Максіма Горкага», «Памяці Тараса Шаўчэнкі», «Дагестанскаму ашугу Сулейману Стальскаму», «Памяці Марыі Канапніцкай», паэма «Тарасава доля» і іншыя. Лейтматыў кожнага твора услаўленне братэрства і еднасці народаў. Аднак мастацкае ўвасабленне гэтай ідэі ў кожным творы асаблівае, непаўторнае, купалаўскае. Каларытнасці паэтычнага малюнка Купала дасягае і шляхам адбору фактаў з гісторыі народаў, і праз перадачу асаблівасцей пейзажу, народных звычаяў, мовы. Калі ён піша пра Грузію, Дагестан, то ў некаторай ступені наследуе традыцыі ўсходніх літаратур, для якіх характэрна падкрэслена эмацыянальная вобразнасць, квяцісты стыль. А ў вершах «Україна», «Памяці Шаўчэнкі» ён пазбягае яркай метафарычнасці радка, імкнецца да суровай прастаты ў паказе мінулага на ўкраінскай зямлі («панавалі, катавалі гетманы, царыцы»), да шаўчэнкаўскай ёмістасці вобразаў у адлюстраванні тагачаснай рэчаіснасці. Тэма дружбы народаў праходзіць праз усю творчасць Янкі Купалы. Ён славіць яе ў вершах, асэнсоўвае як самае 145
вялікае дасягненне ў артыкулах і выступленнях. І заўважым, што акцэнты і ў напісанным і падчас выступленняў заўсёды робяцца на народы, на дружбу народаў, якім, якой ні ён, ні яго сумленнае праўдзівае мастацкае слова ніколі ні пры якіх абставінах не здраджвалі Гэта надзвычай важна, бо камусьці і ў наш час не вельмі падабаецца гуманнае, праўдзівае паразуменне паміж (чаму толькі ўчора? заўвага нашая) братнімі народамі і іх культурамі. Па гэтай прычыне няпроста сёння прачытваць і перачытваць артыкулы, манаграфіі, змястоўныя акадэмічныя даследванні па творчасці Янкі Купалы, асабліва напісанае ім падчас савецкай рэчаіснасці. Шмат што беспадстаўна «адмятаецца», іншым разам патлумачваецца са зручнага для даследчыкаў боку. Так лёгка «нажыць» ворагаў, яшчэ ўчарашніх і сяброў, і добразыцліўцаў. І як няпроста будзе апасля вярнуцца да саміх сябе, да напрацаванага ў розныя часы ў накірунку да шчырых зносін і адносін паміж нашымі народамі, не выключэнне і ў плане культур і літаратур. Пагэтаму ў кантэксце часу (рэчаіснасці сённяшняга дня) варта вельмі ўдумліва і праўдзіва падыходзіць да аналізу напісанага геніяльным беларускім паэтам на тэму дружбы народаў, каб, выкідваючы (як лічаць некаторыя) непатрэбнае, не адпавядаючае часу, разам «з вадою з ночваў не выкінуць і дзіцятка» Спіс літаратуры 1. Купала, Я. Жыве Беларусь // Я. Купала. Мінск: Маст. літ., 1993. 477 с. 2. Купала, Я. Збор твораў: Ў 7 т. // Я. Купала. Мінск: Навука і тэхніка, 1976. Т.2. 439 с.; Т.4 591 с.; Т.7 695 с. 3. Лойка, А.А. Песні беларускай валадар // А.А. Лойка і інш. Мінск: Выдавецтва БДУ, 1981. 168 с. 4. Шарахоўскі, І.З. Пясняр народных дум // І.З. Шарахоўскі. Мінск: Навука і тэхніка, 1976. 152 с. 146